Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

28 ноября 2017 г. 14:06

176

5

Эдуард Акулін прыйшоў у беларускую літаратуру ў 80-х гадах разам з сябрамі па Гомельскім ўніверсітэце – Анатолем Сысам і Алесем Бяляцкім. З маладосці захапляўся музыкай, нават з Бяляцкім у студэнцкія гады стварыў рок-гурт “Баскі”, які, праўда, праіснаваў нядоўга. Але гэтае захапленне атрымала працяг - Акулін па-ранейшаму не выпускае з рук гітару, але ўжо як бард.

Гэтае слугаванне адразу дзвюм музам моцна адбілася на паэзіі Акуліна. Большасць яго вершаў ад самага нараджэння разлічаныя на выкананне пад гітару. Яны маюць адмысловую сілаба-танічную структуру, незацемнены, просты для ўспрымання змест і пераважна лірычную аснову. Праўда, Акулін не цураецца і грамадска-палітычнай тэмы – у ягонай творчасці нямала патрыятычных і адраджэнскіх вершаў. У прадмове да зборніка “Малітва воч” Леанід Дранько-Майсюк піша: “Паэт не баіцца быць патрыятычна-пафасным, прыгожым у прамаўленні, як і не баіцца часам ужываць дакладную рыфмоўку. Бо, як вядома, дакладная рыфмоўка – гэта яшчэ не гарантыя сапраўднай паэзіі...”

Зборнік “Малітва воч” складаецца з трох раздзелаў – “Маўчанне госпада”, “Дараванне Каіна”, які ўтрымлівае пераклады паэта з украінскай мовы, і “Бой з сабой”.

Свой паэтычны свет Акулін імнецца міталагізваць паводле вядомых каардынатаў – біблейскіх, агульначалавечых культурніцкіх мітаў і беларускай культурнай спадчыны. Перадусім паэт шматкроць звяртаецца да легенды пра Максіма. Паэт імкнецца быць спадкаемцам Багдановічаўскіх запаветаў, у тым ліку пакланяцца хараству і прыгажосці:

Ці то Вялікдзень, ці Раство,
Ці проста дзень будзённы, шэры –
Паэтаў вабіць Хараство,
Як матылькоў – святло Венеры.

Ягоная паэзія таксама надзвычай духоўная:

Хто сказаў, што ў Палестыне
Еўфрасіння свой рай знайшла?
Над Сафійкай у звонкай сіні
крыж вартуе яе душа.

Паэзія для Акуліна крылы, якія яму падаравала Радзіма і бацькі:

Маці мая Марыя,
бацька, бабуля, дзед
мне падарылі крылы,
мне падарылі свет.

І паэт сведчыць, што:

Пакуль будзе шлях мой віцца
і сэрца званіць аб рэбры,
я буду табе маліцца,
Паэзія, - келіх неба.