Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

15 ноября 2017 г. 00:28

135

4

Каб адразу выклікаць цікавасць да кнігі, скажу, што “Смерць лесбіянкі” – гэта раман-дэтэктыў, падзеі ў якім адбываюцца ў Полацку, дакладней у мурах былога езуіцкага калегіюма, дзе цяпер месціцца гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага ўніверсітэта. У Полацак прыязджаюць маладыя літаратары, фіналісты літаратурнага конкурсу, і сябры журы, якія павінны вызначыць пераможцу. Галоўная гераіня раману, каб схавацца ад праклёну, напярэдадні Новага году ўцякае ў Полацак да цёткі - дэкана гісторыка-філалагічнага факультэта. І тут яна робіцца сведкай трагічнай смерці сябра журы - феменісткі Ганны Куліч.

Кніга гэтая, канешне, не зусім дэтэктыў. Дакладней гэта містычны раман пра лёс, забабоны і пошукі сябе. Галоўная гераіня нарадзілася ў Берасці, там яна далучылася да беларускага руху і пачала сваё змаганне за беларускія ідэалы, прычым так паспяхова, што робіцца лідарам у маладзёвых адраджэнскіх колах. Але неўзабаве расчароўваецца ў гэтым і занурваецца ў свой унутраны свет. Яе цяпер больш цікавіць філасофія і сусветная літаратура. У кнізе шмат цытатаў і згадак твораў Ніцше, Шэкспіра, Джойса, О’ Браяна, Мэры Шэлі, Андрэ Моруа, Персі Бішы Шэлі. І відавочна, без ведання гэтых класічных тэкстаў, цяжка да канца зразумець новую кнігу Харытанюк.

У кнізе шмат неверагоднага, містычнага і фантасмагарычнага. Героі рамана нават спускаюцца ў легендарныя полацкія лёхі, якія апісаў у сваіх “Лабірынтах” Вацлаў Ластоўскі. Адзін з эпіграфаў да рамана - цытата Фрыдрыха Ніцшэ “Жыццё – гэта вайна густаў” – бадай з’яўляецца падказкай, пра што гэты твор. Бо кожны з героеў рамана рэпрэзентант пэўнай эстэтыкі і светагляду: ад каталіцкага – да паганскага, ад ліберальнага – да кансерватыўнага. І часам гэтая вайна бязлітасная. Выглядае, менавіта падчас гэтай вайны галоўная гераіня і атрымала праклён на смерць.

Але кніга сканчваецца хэпі-эндам. Смерць галоўную гераіню абмінула і Наталка дае сабе зарок - больш ніякіх гаданняў, страхаў і зданяў, толькі вершы. Такім чынам, наступная кніга Наталкі Харытанюк, відавочна, будзе пра паэзію. У адным з інтэрв’ю Наталка прызналася, што ўжо прыдумала і назву для яе - «Ейтсіяна».