Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

11 ноября 2017 г. 23:47

335

5

Не ў кожнага беларускага паэта ў наш час атрымліваецца да свайго 50-годдзя, так бы мовіць, падвесці вынікі творчасці ў кніжным фармаце, то бок выдаць том выбранай уласнай паэзіі. У Эдуарда Акуліна атрымалася.

Такіх кніг сёння як раз і не хапае. Даўно ўжо не выдаюць да юбілеяў пісьменнікаў зборы твораў няхай сабе і ў адным томе. Відавочна гэтая практыка назаўсёды адыйшла ў мінулае. А менавіта па такіх кнігах, якія ўтрымліваюць вялікі аб’ём тэкстаў, і што вельмі істотна - з розных этапаў творчасці, можна скласці цэльнае ўяўленне пра творцу.

Вось і Эдуард Акулін у кнізе “Святая ноч” – як на далоні. З усімі ягонымі якасцямі, прыхільнасцямі і эстэтычнымі арыенцірамі. Па гэтай кнізе можна прасачыць усе вехі паэтычнага сталення паэта.

Эдуард Акулін належыць да пакалення “Тутэйшых”, якое сёння выйшла на першы план у беларускай літаратуры. Прыйшоў час гэтаму пакаленню пераймаць у старэйшых калегаў адказнасць за лёс роднага прыгожага пісьментсва.

Прыналежнасць да “Тутэйшых” моцна адчуваецца ў вершах Акуліна, напісаных прыканцы 80-х – пачатку 90-х. Яны з выразнай дамінантай патрыятычнага гучання. Шмат вершаў прысвечана слаўным старонкам беларускай мінушчыны і славутым дзеячам айчыннай гісторыі. У некаторых тагачасных вершах задужа патрыятычнага пафасу, і сёння гэта выразна заўважна. Паралельна паэт піша і чыста лірычныя вершы, якія складаюць “залаты фонд” Акуліна. Менавіта на лірычныя вершы таго часу напісаныя лепшыя песні Акуліным-бардам.

І зусім іншага Акуліна мы бачым у ХХІ стагоддзі. Ён робіцца больш шчырым, менш трафарэтным і пафасным. Ягоныя паэтычныя знаходкі часам надзвычай уражваюць, ягоныя метафары - свежыя і нечаканыя, ягоныя вобразы - праўдзівыя і празрыстыя, ягоныя пачуцці – разняволенныя.

І яшчэ варта адзначыць Акуліна-паэта як наватара беларускага вершаскладання. Ён асіліў практычна ўсе асноўныя паэтычныя формы. І нават напісаў акрапаэму “Шлях да Радзімы” паводле верша Максіма Багдановіча “Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...” Паэма атрымалася змястоўнай і філасофскай.

Увогуле філасафічны роздум над каханнем, жыццём і смерцю робіцца ў пазнейшых вершах Акуліна скразной тэмай. І паэзія праяўляе сваю асноўную таямніцу – калі адчуваеш, што ёсць яшчэ нешта паміж радкамі, але не ведаеш як гэта назваць.

Проста нешта ў Сусвеце ёсць
Не названае нават словам.