Больше рецензий

6 октября 2017 г. 14:05

91

4 Чытво для гурманаў

Гэта кніга, безумоўна, для сапраўдных гурманаў літаратуры, бо чалавек, які час ад часу чытае ці чытае вельмі рэдка не атрымае той асалоды, якая павінна з'явіцца ў кнігалюба. Толькі такі чытач адчуе, як вобраз аўтара зліваецца з лірычным героем. Паспрабуйце гэта заўважыць, узяўшы кнігу Кнута Гамсуна і, магчыма, вам не захочацца яе выпускаць з рук.
У рамане "Голад" (1890) Кнут Гамсун малюе нам станоўчага персанаж, які можа здзейсніць амаральны ўчынак, калі ім рухае голад, а пасля пакутваць. Менавіта такім учынкам герой лічыць эпізод, калі не вярнуў рэшту гандляру, што аблічыўся і даў яму болей. Сёння, напрыклад, нармалёва не аддаць, маўляў, гэта яны нас вечна падманваюць і абвешваюць... Голад рухае паводзінамі персанажа, калі ён у сне пачаў смажыць руку і быў настолькі галодным, што пачаў яе грызці. Магчыма і дзівоцтвы героя звязаны з голадам, калі ён неаднаразова гуляў з людзьмі: прапаноўваў успомніць нейкага агульнага знаёмага, якога і ніколі не існавала насамрэч.

- Вы сказалі... як яго прозвішча? Х'ерульф?
- Ну так, - адказаў я. - А што тут дзіўнага? Прозвішча ж нікога не ганьбіць.
- А ён часам не руды?
Цалкам магчыма, што ён руды, і калі рамізнік згадаў пра гэта, я раптам цвёрда вырашыў, што так яно і ёсць. Я быў удзячны рамізніку і сказаў, што ён адразу зразумеў, каго я шукаю, бо ўсё менавіта так і ёсць, як ён сказаў.
- Было б вельмі дзіўна, - заўважыў я, - калі б такі чалавек не быў рудым.
- Відаць, якраз яго я і вазіў разы два, - сказаў фурман. - У яго яшчэ ў руцэ кіёк такі сукаваты быў.
Гэты чалавек у маіх вачах рабіўся рэальнай асобай, і я сказаў:
- Ха-ха, ніхто яшчэ не бачыў гэтага спадара без сукаватага кійка ў руцэ. Ужо на гэты конт будзьце спакойны, будзьце абсалютна спакойны.
Без ніякага сумневу, гэта быў той самы чалавек, якога ён вазіў. Ён пазнаў яго...

Не дзіўна, што зарабляе галоўны герой менавіта сваёй фантазіяй, калі прыдумляе артыкулы для газеты. А яшчэ яго ўчынкі экзістэнцыяльны ў зародышы, таму не дзіўна, што ён атаясамліваецца ў мяне з некаторымі героямі Фёдара Дастаеўскага.
Прысутнічаюць у творы К.Гамсуна і эратычныя апісанні, хоць бы ў прыдуманай героем п'есе пра блудніцу, якая "грашыла ў Святыні не са слабасці або жарсці, а з нянавісці да Бога - пры тым грашыла каля самога алтара, кладучы покрыва пад галаву, дэманструючы адно пагарду да нябёсаў". Ці напрыклад, у гісторыі кахання з дзяўчынай пад выдуманым імем Юлаялі:

Я расшпіліў гузік на яе блузцы, потым другі, і агаліліся грудзі - яны выглядалі з-пад кашулі, белыя, круглявыя, цуд з цудаў.
- Ах, дазвольце зірнуць! - сказаў я, імкнучыся расшпіліць іншыя гузікі, яшчэ больш агаліць яе цела; але я занадта распаліўся і не мог даць рады ніжнім гузікам, а станік быў занадта тугі. - Я зірну трошкі... зусім трошкі....
Тут яна абвівае рукой маю шыю, вельмі павольна і далікатна; я адчуваю подых, які ідзе з ружовых, трапяткіх ноздраў, авявае мне твар, другой рукою яна пачынае сама расшпіліваць гузікі, яшчэ і яшчэ. Яна збянтэжана, адрывіста смяецца і паглядае на мяне, хоча зразумець, ці заўважыў я яе страх. Яна развязвае стужкі, расшпільвае гарсэт, яна прасякнутая пяшчотай і трывогаю. І я сваімі грубымі рукамі таксама дакранаюся да гэтых гузікаў і стужак...

Сёння навукоўцы спрачаюцца, што голад атупляе ці наадварот спрыяе разумовай дзейнасци. Герой К. Гамсуна адказвае на гэтае пытанне, калі спачатку не можа палічыць сыры, а пасля разумее, што гэта проста не яго справа, бо пісаць ён не развучыўся, ды і ў сітуацыі са спрэчкай двух хлопчыкаў ён заўважыў ўсе дробязі, каб паступіць як разумны дарослы чалавек. Такім чынам, разумовыя здольнасці знаходзяцца не ў такой залежнасці ад голаду. Але раю вам не галадаць. Асабліва, каб не галадаў ваш розум. Таму вазьміце кнігу К.Гамсуна і прачытайце яе.