Больше рецензий

13 марта 2017 г. 18:24

38

5

Калі ўзяць некалькі лыжак булгакаўскага “Майстра і Маргарыты”, колькі кропляў “Журбы Сатаны” Марыі Карэлі і кавалачак “Доктара Фаўстуса” Томаса Мана, замяшаць атрыманае цеста на беларускім матэрыяле, дадаць крыху мясцовых шэптаў і замоў, а галоўным героем зрабіць пісьменніка – нашага сучасніка, то атрымаецца раман Людмілы Шчэрбы “Уладар рыбаў”. А калі сур’ёзна, то ўжо сама назва твора паказвае чытачу, што ён мае справу з постмадэрновай прозай, таму варта быць гатовым да ўсялякіх алюзій, намёкаў ці проста падміргванняў з боку аўтаркі. Маўляў, разумееш, пра што я? Зрэшты, можна не зважаць на падказкі-пазнакі, а проста атрымліваць асалоду ад чытання.

Гэты раман-фільмаслоў знаёміць нас з загадкавай і містычнай гісторыяй жыцця пісьменніка Вінцэнта Суміцкага, больш вядомага ў асяроддзі яго багемных сяброў пад мянушкай Віна (націск на першы склад). Як вядзецца, ён заўжды ў творчым пошуку, марыць напісаць уласны геніяльны раман, ды мусіць зарабляць… Сябры-выпівохі, бясконцыя баляванні на розных кватэрах, зусім не платанічныя стасункі з зусім не сціплымі дзяўчатамі, каханне са студэнткай-першакурсніцай з вачамі рознага колеру. У вірлівым жыцці Віны ёсць месца ўсяму – і поспеху, і трагедыі, і нават дамове з Д’яблам. Але папярэджваю, развязка будзе нечаканай.