Больше рецензий

2 августа 2016 г. 17:50

18K

0 Першы беларускі касмічны турыст

Максім Танк у многіх творах закранаў пытанне касмічнага турызму, хоць першы такі палёт здзейніўся ўжо пасля яго смерці ў 2001 г. Дэнісам Ціта. Так, размовы пра касмічны турызм пачаліся ў 1967 г. Баранам Хілтанам і Крафтам Эрыкам, але нават першыя турысты-касманаўты паляцелі толькі ў 1990-1991 гг. Такім чынам, беларускі паэт папярэднічаў дасягненням навукі ў сферы касманаўтыкі і касмічных турыстычных палётаў.
Напісаная ў 1979 г. Максімам Танкам сучасная на той момант казка пра касмічнае падарожжа Мураша Бадзіні атрымалася ў жанры быліны. І сапраўды, галоўны герой мае ўсе ўласцівасці былінных асілкаў, пра якіх вусная народная творчасць склала не мала гісторый. Ёсць у гэтым творы і ўласцівыя былінам гіпербалы, праўда, мураш не разбівае аб сваю галаву шматпудовыя булавы і не вандруе за хвіліну ад аднаго мора да другога, але і для яго, думаю, абыйсці ракету няпростая справа нават пры той вялизнай хуткасці, што развіваюць мурашы:


Ды і карціць самому
Пабачыць дзівы свету...
Памалу абышоў ён
Касмічную ракету,

Якую да палёту,
Знаць, людзі рыхтавалі
I правяралі ўважна
Ўсе часткі і дэталі.

Таму мо’ не звярнулі
I ўвагі на Бадзіню.
А той, па кранах, скрытна,
Дабраўся да кабіны.


А вось тое, што мураша не заўважылі пры той пільнасці з якой падыходзяць астранаўты і інжэнеры да сваёй справы - гэта ўжо яўна выдумка паэта. Затое быліна Максіма Танка мае і іншыя ўласцівасці жанру, як рысы патрыятызму, напрыклад:

А ў тэлескоп як глянуў
Ён на зямлі прасторы,
Убачыў акіяны,
Даліны, рэкі, горы,

Знаёмыя мясціны –
Баравіковы ельнік,
Сярод густой ажыны
Свой родны муравейнік.

Патрыятызм мураша паказаны аўтарам з дапамогай літоты (фігуры супрацьлеглай гіпербале), бо, зразумела, што Бадзіня не змог бы разгледзець свой мурашнік у ілюмінатар касмічнае ракеты. Гэта зроблена аўтарам спецыяльна, але адну памылку ён усё ж такі дапускае, якой можна было пазбавіцца. Пры ўсіх патрабаваннях да касмічнага харчавання падсілкавацца ў ракеце мураш не змог бы. Бо першымі ж патрабаваннямі з'яўляецца добрая запакаванасць харчоў (у тых жа цюбіках) і адсутнасць дробак ад ежы, якія небяспечныя для касамаўтаў у бязважкасці. Не думаю, што адсутнасць сняданку ці вячэры мураша заўважылі б маленькія чытачы пры ўсёй сваёй цікаўнасці:

Знайшоў запасы ежы,
Падсілкаваўся, потым
Празь люк палюбаваўся
Нябёсаў пазалотай

.
І ўсё ж навуковая смеласць Максіма Танка бясспрэчная, не гледзячы на нейкія памылковыя дробязі, ён адкрывае беларусам першага касмічнага турыста, няхай і ў выглядзе Мураша Бадзіні. Тым больш, што жанр быліны сярод беларускіх пісьменнікаў не такі папулярны.