Больше рецензий

Belera

Эксперт

по поглощению книг и поеданию сгущенки

6 января 2024 г. 17:05

580

5 Гонар і прадузятасць і балоты

"Людзі на балоце" даўно вісела ў маім спісе кніг, і я не асабліва спадзявалася калі-небудзь да яе дабрацца. Але мой запал арганізоўваць на кожнай працы кніжныя клубы нам дапамог, і во дзіва, во шчасце, чытаем Мележа.

Пачнем. 20 гады мінулага стагоддзя, вёска Курані, схаваная сярод балотаў беларускага палесся, жыве сваімі клопатамі. Да маленькай вёскі, якую рэгулярна адразае ад іншага свету нябытнасцю дарогі і непагаддзю, толькі рэхам даносяцца навіны пра падзеі "з вялікай зямлі". А там, як кажуць, толькі і гутарак, што пра калгасы і перадзел зямлі.

Здаецца, якое да гэтага дзела людзям, у якіх ні гасцей, ні газэт месяцамі не бывае, і зямля - адзін пясок. Але для закаханых Васіля і Ганны гэта аказалася зусім не так.

"Людзі на балоце" мы праходзілі яшчэ ў школе. Але я, прызнаюся, не тое, што ні слова з рамана не помніла, але яшчэ і пераблытала яго ў галаве з "Палескімі рабінзонамі" Янкі Маўра. Вось настолькі мяне не зачапіла і не кранула кніга тады.

А цяпер я засталася пад вялікім уражаннем.

Раман чытаецца вельмі лёгка і шпарка, хоць з творамі па-беларуску часта ўзнікаюць праблемы. Амаль 100 гадоў русіфікацыі Беларусі і мяне бокам не абышлі.

Мележ стварыў цудоўную атмасферу: адразу ж успамінаецца пах травы, цішыня стагадовых лясоў, зарослыя маленькія рэчанькі. І на душы робіцца так ціха, спакойна, трохі сумна і тааааак добра! Не кніга, а рэтрыт.

Аўтар вельмі далікатна пагружае цябе ў гістарычны кантэкст, а рэалістычнасць і неадназначнасць персанажаў не даюць табе застацца проста назіральнікам.

Гэта кніга - сапраўднае балота, толькі ў добрым сэнсе. Крок, два - і ты ўграз. Ты ў пастцы, і няма шанцаў выбрацца. А ты кшталту і не супраць.

Я атрымала велізарнае задавальненне ад рамана. І ведаеце, што ў гэтай сітуацыі найлепшае? Гэта першая частка цыкла!