Больше рецензий

16 августа 2022 г. 22:56

2K

5 Асалода ад чытання

У вёску Курані, якая знаходзіцца ў балоцістай месцовасці, прыходзіць савецкая ўлада і любоўны трохкутніх.

Дзякуючы савецкай уладзе (ці ўсё ж такі сваім уласным намаганням?), людзі ўжо крыху наладзілі грэблю праз багністую мясцовасць. Зараз новы план – зрабіць перадзел зямлі. Каб кожнаму двару яе дасталася пароўну.

Прагнуў зямлі, як вады ў спёку, сямнаццацігадовы Васіль Дзятлік. З дзяцінства ён прывучыўся працаваць да сёмага поту, каб яму, маці, браціку-падлетку і старому дзеду было як выжываць ад вясны да вясны. Як не хапала гэтаму хлопцу правільнага кірунку! Галоўным у сям'і лічыў сябе ён, але яго амбіцыі, празмерная годнасць не раз пакідалі яго ні з чым.

Але за што кіпеў ненавісцю да Васіля стары Корч, мясцовы кулак і набожнейшы чалавек, не разумею! Гэта Корч, дарэчы, з радасцю прапанаваў капейкі за зямлю маці Васіля, калі памёр яго бацька, а ў Дзятліхі на руках была сям'я. Стары Корч заўсёды ганіць сялян за ляноту: ён раней устае, больш працуе, яму больш за астатніх трэба прыбытку. У Халімона два сыны – Сцяпан і Яўхім. Сцяпан - тэма асобная. Сёння раскажу пра Яўхіма – падкі на дзяўчын бліскучы чубаты франт. Здаецца, усё. Ха!

Сярэдзіна трохкутніка паміж Васілём і Яўхімам – працавітая і прыгожая Ганна Чарнушка. З беднай сям'і, але годная, разумная, вясёлая, вострая на язык. Тое, што адбываецца з ёй у кнізе, з аднаго боку, яе ўласная віна, з другога боку, ціск абставінаў. Не магу вінаваціць дзяўчыну за прынятае рашэнне. Ёй 17 год усяго, як яна магла трэзва аб усім падумаць. Але ланцужок тых абставінаў, у якіх яна апынулася, пабудавала толькі сама. Лёгка мне судзіць, га!

Кніга назаўсёды ў спісе любімых. Чытала з болем, месцамі плакала. Не ад любоўных інтрыг, ад ўмоў чалавечага жыцця, ад адносін людзей паміж сабой, ад аўтарскіх дэталяў. Мележ умее выразіць яркі сарказм і лірычны настрой, свае адносіны да сітуацыі і да персанажа. Кнігу напісаў майстар сваёй справы.

Хачу адзначыць, што пісьменнік нарадзіўся ў вёсцы Глінішчы Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Гэтая вёска згадваецца ў тэксце. Прататыпам жа Куранёў стала вёска Куранёўка, таксама Хойніцкага раёна. Яна існуе і зараз, але малюсенькая.

І я з таго ж раёна. Усё дзяцінства правяла ў вёсцы. Улічваючы тое, што дыялогі напісаны дыялектнай мовай, магу сказаць, што я нібы апынулася ў роднай вёсцы, размаўляю з бабулямі, нешта раблю... Наша мясцовасць толькі парай выключэнняў адрозніваецца.

Атрымала асалоду ад чытання. Дзякуй, Іван Паўлавіч!