Больше рецензий
27 октября 2021 г. 19:14
110
5
РецензияЦуды здараюцца і ў беларускай літаратуры. Адзін з гэтых цудаў нават стаў хрэстаматыўным. Аднойчы на дачы адпачывалі паэты Максім Лужанін і Аркадзь Куляшоў. З хаты выйшла жонка Лужаніна Яўгенія Пфляўмбаўм са стосамі папер і сказала, што пойдзе паліць смецце. Куляшоў імгненна здагадаўся, што гэта за смецце. Падляцеў да жанчыны і папрасіў паказаць паперы. Гэта аказаліся вершы Яўгеніі Пфляўмбаўм, якія яна пісала з маладосці. Зразумела, Куляшоў забраў іх пачытаць. Так была ўратаваная творчая спадчына сёння славутай паэткі, імем якой нядаўна названа нават жаночае выдавецтва.
Падобны цуд здарыўся зусім нядаўна. У Вільні пару гадоў таму да паэта Алега Мінкіна звярнулася жанчына, досыць сталага ўзросту, і папрасіла паглядзець яе вершы, якія яна пісала ўсё дарослае жыццё. Жанчына нарадзілася ў Беларусі на Пастаўшчыне. Але большасць свайго жыцця пражыла ў замежжы - у Вялікай Брытаніі, у Партугаліі, а цяпер жыве ў Літве. Мінкін па-сапраўднаму ўразіўся вершамі і ўгаварыў жанчыну выдаць кнігу, нават прапанаваў свае паслугі рэдактара. Так у 2019 годзе ў Вільні пабачыў свет першы зборнік вершаў Ванды Марцінш душ Рэйш. Паэтцы тады было ўжо 60 гадоў. Затым Мінкін параіў жанчыне выдаць кнігу і ў Беларусі. На наступны, 2020 год, у выдавецтве «Кнігазбор» выйшла другая кніга паэзіі «Мора Мары». У нейкім сэнсе гэта анталогія вершаў Ванды Марцінш душ Рэйш, кніга аб'яднала ўсе лепшыя паэтычныя цыклы – і англійскі, і партугальскі, і літоўскі, і беларускі.
Вершы Ванды Марцінш душ Рэйш напісаныя ў класічнай беларускай традыцыі, якая ідзе ад Максіма Багдановіча. Гэта строгая сілабатанічная форма і пераважна лірычны змест. Часам гэта проста лірычныя пейзажы, але напісаныя дасціпна, лёгка і вобразна. Як у вершы «Цвіце эўкаліпт».
Як струны скрыпкі, і зімой, і летам
Пяюць пад ветрам гонкія ствалы.
І ні галінак недзе там, ні кветак
Ня ўбачыш, не задзёршы галавы.
А ў вершы «Мора Мары» паэтка як бы і тлумачыць, чаму яна пісала вершы сама сабе.
На беразе мора набуду хаціну
І буду я стому на шпацыр вадзіць,
Упраўна пісаць па начах успаміны
І вершамі палкасць душы халадзіць.
А вось як Алег Мінкін тлумачыць у прадмове да кнігі, чым яго здзівіла паэтка.
«Здзівіла некранутая свежасць вершаў, жыццярадаснае, такое рэдкае ў наш час, светаўспрыманне, сакавітыя, «барочныя» фарбы. Паэтка мае сваю манеру пісьма, надзеленая тонкім лірызмам, надзвычайнай назіральнасцю і толькі ёй уласцівым досціпам, самаіроніяй.»
Калі казаць пра самаіронію паэткі, то можна прывесці такія яе радкі з верша «Чорны кот няўдачы».
Цяпер усіх брыкаю наравіста,
Хто ні падлезе, кот ці канакрад.
Быць перастала белай ды пушыстай -
Пайшло жыццё зусім на іншы лад!
Спадзяюся «Чорны кот няўдачы» пасля такіх радкоў будзе далёкімі ваколіцамі абмінаць паэтку.