Больше рецензий

xbohx

Эксперт

Диванный Эксперт

27 февраля 2021 г. 14:04

3K

5

Сёлета першаму выданню зборніка “Казкі жыцця” спаўняецца 95 гадоў. Ствараў яго Колас амаль палову стагоддзя. Першыя апавяданні “У балоце” і “Жывая вада” былі напісаныя ў 1907 годзе, а апошняе “Страказа” — у 1956.
Знайшла ў бібліятэцы менавіта тую кнігу 1926 года, патрапаную, старэнькую. Але вельмі прыемна трымаць яе ў руцэ і разумець, што гэта коласаўскае прыжыццёвае выданне. І толькі зірніце, якая прыгожая вокладка!
Сам Колас ацэньваў “Казкі жыцця” вельмі высока. У лісце да літаратуразнаўцы Юльяна Пшыркова пісаў, што надае гэтаму твору вялікае значэнне і ў сваёй творчасці ставіць услед за “Новай зямлёй” і “Сымонам-музыкам”.
Я зборнік чытала другі раз і нібыта адкрыла наноў. Бо многія апавяданні падаліся вельмі балючымі і актуальнымі. Напрыклад, прачытайце хаця б казку “Супраць вады”. Магчыма, яна дасць вам надзею ў нашай сітуацыі.
У зборніку Колас ператвараў выпадкі з жыцця ў алегарычныя вобразы, рабіў іх універсальнымі. Усе сітуацыі былі надзённымі і актуальнымі на той час, бо ў грамадстве і дзяржаве адбываліся вялікія сацыяльна-палітычныя зрухі. Але, як высветлілася, многія творы са зборніка застаюцца актуальнымі і па сёння, на жаль.
Асноўнымі дзеючымі асобамі кнігі становяцца не людзі, а прырода, дрэвы, жывёлы, птушкі, рэкі. Такія персанажы вымагалі адмысловага падыходу да напісання тэкстаў. Трэба ж было падрыхтаваць тагачаснага чытача, што гэта не проста дзіцячая казачка, над якой можна не задумвацца. Гэта сапраўды глыбокія алегарычныя тэксты.
Калі звярнуцца да жанравай прыналежнасці “Казак жыцця”, то можна адзначыць, што кампазіцыйна яны сапраўды найбольш нагадваюць казкі. Ёсць традыцыйны для казак зачын, які Колас напоўніў глыбокім філасофскім зместам, дадаў да яго алегарычны сюжэт і канцоўку з пэўнай мараллю.
Падобныя творы даюць нам зразумець, што няма ў свеце нічога новага і нашы папярэднікі ўжо праз усё гэта праходзілі і пакінулі нам такі напамін у выглядзе літаратурных твораў. Каб вучыліся на іх памылках.
картинка xbohx