Больше рецензий

xbohx

Эксперт

Диванный Эксперт

16 февраля 2021 г. 18:11

155

3 Дзсяць саг пра каго заўгодна, толькі не пра Караткевіча

Уладзімір Караткевіч — адзін з тых аўтараў, пра якіх можна бясконца расказваць цікавыя гісторыі. Рэдкі выпадак, калі біяграфія пісьменніка чытаецца з такім жа задавальненнем, як і яго творы.

На жаль, з сумам адзначаю, што гэта адна з найгоршых кніг пра Караткевіча. Вядома ж, з тых, што чытала я. Не таму, што яна нейкая дрэнная ці няякасная. Проста яна не пра Караткевіча зусім. Пра каго ж? Пра Вячаслава Рагойшу, а яшчэ пра яго жонку, пра іх сем’і і сяброў. Толькі Караткевіча ў гэтай кнізе так мала, што і не варта было выносіць у загаловак.

Кніга сапраўды складаецца з дзесяці гісторый, толькі сагамі пра Караткевіча іх можна назваць з нацяжкай. Калі мяне абудзіць сярод ночы, то я змагу адказаць, кім і дзе працаваў бацька Таццяны Кабржыцкай, жонкі Рагойшы, бо гэты факт у кнізе паўтараецца дакладна больш за пяць разоў. Заслужаны артыст Украіны, вядучы саліст Львоўскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета імя І. Франко. Цяпер і вы ведаеце Тут жа можна заўважыць яшчэ адзін недахоп кнігі: схільнасць аўтара называць усе рэчы сваімі поўнымі назвамі. Калі чалавек, дык абавязкова прозвішча, імя, імя па бацьку. Калі ўстанова, дык назва цалкам.

Чытаеш і думаеш, што ў аўтара нейкія праблемы з памяццю. Інакш немагчыма патлумачыць, для чаго ён па некалькі разоў паўтарае адны і тыя ж, часам не вельмі важныя рэчы. Хаця не, магчыма. Падобныя прыёмы таксама тлумачацца неабходнасцю штучнага расцягвання кнігі. Бо ў ёй і так усяго 167 старонак. І многія з іх замест гісторый пра Караткевіча патрачаныя ўпустую на гісторыю філфака БДУ, Ракава, Турава, апісанне вяселля аўтара.

Ці ёсць тут цікавыя гісторыі пра Караткевіча? Ёсць, але іх так мала, што змясціліся б у адным невялічкім артыкуле.

Дарэчы, тут Рагойша расказвае гісторыю знаёмства Караткевіча з жонкай, якая крыху адрозніваецца ад той версіі, якую я чытала ў Мальдзіса ў “Жыцці і ўзнясенні Уладзіміра Караткевіча”. Каму верыць? Пытаннечка.

Памылкі ў кнізе трошкі павесялілі, напрыклад, “урач-афталарынголаг”.

Каму я магу параіць гэтую кнігу? Ды нікому. Калі вы ўжо шмат чыталі пра Караткевіча, то тут чагосьці прынцыпова новага не сустрэнеце.