Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

8 января 2021 г. 12:44

338

4

Адразу адзначым, што гэта апошняя прыжыццёвая кніга Пімена Панчанкі. Гэтым разам кніга аб’яднала як вершы, так і невялікія эсэ-успаміны. Магчыма Панчанка планаваў выдаць дзве асобныя кнігі, але ў выдавецтве аб’ядналі ўсё ў адну. У 1993 годзе ў Беларусі пачаліся эканамічныя цяжкасці, якія выклікалі пустыя паліцы ў крамах. Дарэчы, пра пустыя паліцы ў кнізе таксама ёсць некалькі вершаў.

Гэтае аб’яднанне не пайшло на карысць кнізе, прынамсі яна не атрымалася такой цэльнай, як, напрыклад, ранейшыя зборнікі “Горкі жолуд” і “Неспакой”. Ды і вершы відаць сабраныя па прынцыпу ўсё што ёсць на паэтычным варштаце, а не ўкладзены канцэптуальна, згодна найноўшым падзеям у краіне, як гэта было ў ранейшых зборніках.

І ўсё ж і ў гэтай кнізе Панчанка застаецца тым самым Панчанкам, які як бы набыў прыканцы 80-х другое паэтычнае дыханне, - бескампрамісны, жорсткі да хлусні і фальшу, барацьбіт за Беларусь.

У вершы “Не адцураюся, не адракуся” паэт пераканаўча даводзіць:

… Да роднай зямлі я
Душаю і сэрцам прыкуты,
Куваюць зязюлі,
Клякочуць буслы на маёй Беларусі.
Ты радасць мая, Беларусь,
Ты гора маё і пакута,
І ад цябе я ніколі
Не адцураюся,
Не адракуся!

Як і ў ранейшых кнігах Пімен Панчанка даводзіць, што галоўная праблема ў Беларусі ў несумленнай, антыбеларускай наменклатуры.

Сем дзясяткаў год расцілі
Ля дзяржаўнае дзяжы,
Гадавалі гэту сілу
На хлусні і крадзяжы.

Ёй імя – наменклатура,
Чуў ты іх каманды рык?
З боку сэнсу і культуры
Намі правіць хам прывык.

Многія вершы з кнігі вельмі востра перагукваюцца з сённяшнімі падзеямі ў Беларусі.

Ні веры, ні надзей.
Куды цяпер?
О, край мой шматпакутны,
Край да болю мілы,
Дакуль жа будзеш ты
Згінацца і цярпець?

У анатацыі да кнігі ёмка ахарактарызаваны гэтыя апошнія вершы Панчанкі: “У вершах, па-ранейшаму панчанкаўскіх, - і горкі смутак, і востры погляд на нашае жыццё”. На жаль, жыццё ў Беларусі ніяк не можа змяніцца да лепшага.