Больше рецензий

29 марта 2012 г. 16:13

160

4

Мікалай Гайба. Сэрцу мілая Айчына: Вобраз Радзімы ў жыцці і творчасці Адама Міцкевіча.

Навуковае выданне.
"БелАниГал", 2011.

Аўтар кнігі Мікалай Гайба, дырэктар Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку, — аўтарытэт ва ўсім, што датычыць гісторыі горада. І ў новай кнізе асоба класіка сусветнай літаратуры цікавіць даследчыка акурат у аспекце дачыненняў з Навагрудчынай, што адбілася на змесце раздзелаў: Міцкевіч у Навагрудку, Навагрудак часоў Міцкевіча, Міцкевіч пра Навагрудак і Навагрудак пра Міцкевіча. У кнізе гарманічна спалучаецца абавязковая інфармацыя пра біяграфію і творчасць Міцкевіча, выкладзеная даходлівай мовай, звесткі пра шматнацыянальную і шматканфесійную Навагрудчыну ХІХ ст. і ўнікальныя факты пра гісторыю ўшанавання памяці класіка на радзіме.

Любога беларуса, які ўсведамляе сваю нацыянальную прыналежнасць, зацікавіць раздзел пра ліцвінства Міцкевіча. Мікалай Гайба мудра не закрануў наўпрост пытанне: а чый ён, Адам Міцкевіч? Польскі паэт ці беларускі? Аўтар проста насыціў кнігу багатай фактурай, якую чытач праінтэрпрэтуе сам. Гэта значыць, што людзі розных перакананняў (а ў літаратурным і літаратуразнаўчым асяродку ёсць "ваяры" на кожнай пазіцыі) могуць чытаць гэтую кнігу, не спатыкаючыся на светапоглядных пасажах. Напрыклад, прыводзяцца згадкі самога паэта пра мову яго радзімы альбо цытаты з лістоў першага перакладчыка паэмы А. Міцкевіча "Пан Тадэвуш" В. Дуніна-Марцінкевіча, дзе закранаецца галоўная праблема — навошта трэба перакладаць, кім і чым ёсць пісьменнік і яго творы ў беларускім кантэксце.

У кнізе ёсць звесткі, якія зацікавяць літаратуразнаўцаў альбо будуць карыснымі для выкладчыкаў і настаўнікаў беларускай літаратуры, бо сярод іншага працуюць і на зацікаўліванне аўдыторыі (выбраныя фрагменты з ліставання братоў Міцкевічаў, згадкі аб прыездах у Беларусь Уладзіслава Міцкевіча, старэйшага сына класіка, пра кантакты з сябрамі і сям'ёй колішняй каханай Адама Міцкевіча Марылі Верашчакі-Путкамер). Для літаратуразнаўчых колаў гэта будзе інфармацыя, якая ўбудоўваецца ў сістэму ўжо вядомых фактаў і меркаванняў, але зрэдку падчас чытання кнігі стваралася ўражанне "згладжаных вуглоў": калі сустрэча з Гётэ падаецца як факт і не ўдакладняецца, што адбылося гэтае знаёмства дзякуючы рэкамендацыйнаму лісту ад піяністкі Марыі Шыманоўскай, да якой былі неабыякавыя і Гётэ, і Міцкевіч; калі згадваецца хвароба жонкі класіка, але абмінаецца тое, што гэта было захворванне псіхікі, якое ператварыла ў пекла жыццё ўсёй сям'і; калі звальненне паэта з універсітэта Калеж дэ Франс не звязваецца з уплывам філосафа і містыка Анджэя Тавяньскага, чалавека, які адыграў ракавую ролю ў жыцці Міцкевіча і яго сям'і. Зрэшты, вядома, гэта не галоўнае для разумення ролі і вобразу рана пакінутай радзімы ў лёсе і творчасці Міцкевіча. Пры гэтым варта адзначыць, што аўтар кнігі не ідэалізаваў паэта і пры неабходнасці згадаў выкладчыцкую паразу Міцкевіча ў Коўне альбо стаўленне да паэта, што не быў на радзіме ў 1830-1831 гг., удзельнікаў паўстання, якія былі пакрыўджаны яго беспадстаўнымі і саманадзейнымі абвінавачваннямі.

Як чалавек, па роду дзейнасці звязаны з папулярызацыяй гісторыі, Мікалай Гайба, верагодна, свядома абраў стыль займальны і чытэльны, амаль на кожным развароце кнігі — фотаздымкі і ілюстрацыі, якія дапамагаюць уявіць той час і тых людзей, пра якіх піша аўтар. У кнізе выявіўся таксама талент музейшчыка і піяршчыка: там ёсць прынада для будучых наведнікаў Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку.

Аксана БЯЗЛЕПКІНА