Больше рецензий

26 мая 2020 г. 09:21

485

5 Чаму ты не смяешся?

Учора здаў нізку вершаў на друк, а пасля паўдня думаў, чаго не хапае. Урэшце вызначыў, што не хапае эпіграфа, які звязаў бы ўсё і стварыў пэўны кантэкст, адначасова адсылаючы на больш далёкае, глыбокае і аб’ёмнае. Адначасова і фон, і тэмбр. Такім чынам, я паспрабаваў ператварыць першапачаткова разрозненыя вершы ў адзін твор. Інакш я не магу. Зудзіць штосьці, пакуль так не зраблю. Кавалачак за кавалачкам, інгрэдыент за інгрэдыентам, робяцца аднароднай масай, адной стравай, дзе ты можаш вызначыць і тое, і гэта, але не бачыш патрэбы. Люблю так пісаць, ляпіць, складаць. Люблю, калі мне трапляюцца творы так напісаныя, злепленыя, складзеныя.
Тыль-тыль-тыль.
Учора дачытаў гэту кніжку. Шкада. Хацелася б чытаць і чытаць і чытаць і чытаць і чытаць і чытаць. Яна неверагодна складзеная. Ідэйкі пераліваюцца ў прыёмкі, пераліваюцца ў персанажаў, пераліваюцца ў сюжэтныя павароты, пераліваюцца ў ідэйкі, прыёмкі, старонкі, слоўкі, гукі, рукі, мячыкі ў руках і ў паветры і паветра жанглюе імі часам кранаючы твае рукі. Злёгку, незаўважна, каб ты не здагадаўся, што гэта ты жанглюеш.
Тыль-тыль-тыль.
Блазан… Клоун… Для мяне асабіста гэта важная асоба-сімвал-архетып. “Дарога” Феліні, “Вачыма клоуна” Бёля… Здаецца, гэты вобраз прайшоў праз мяне яшчэ раней і застаўся. Як дождж праходзіць і застаецца мокрай вопраткай, кроплямі з валасоў, слядамі бруду на падлозе, крыкам бацькі і водарам зеляніны. Усё гэта было і ў дадзенай кніжцы, у гэтым мілым добрым творыку. Гульня ў жыццё. Паляванне на Снарка ці паляванне на вядзьмарак? Што лепш? Што сапраўдней? Калі жанглюеш, то лепш забыцца, што ты жанглюеш. Можа, калі жывеш трэба забыцца, што ты жывеш?
Тыль-тыль-тыль.
Насамрэч, неверагодная кніга. Я проста кайфаваў ад некаторых словаблустваў, ад гэтай чароўнай крыповай логікі, ад месцамі аўтарскай блазнаватай нахабнасці. Чытайце! Атрымлівайце асалоду! Гэта весела! Ха-ха-ха.
Тыль-тыль-тыль.
Мабыць, я ўсё сказаў. Гульня ў жыццё. Некалі з задавальненнем верыў у гэтыя чароўныя прытчы пра бессмяротнасць. Пра тое, што не патрэбна нам бессмяротнасць, бо гэта смутак, гэта страты, гэта пустэча. Чароўныя прытчы/казкі шапталі: памірай, ты ўсё роўна паміраеш, кожны дзень. Не. Кожны дзень я жыву і буду жыць, сярод новага, свежага, жывога. Бо яно ніколі не скончыцца, навошта сканчацца мне. Я самы добры клоун. Я самы добры… клоун…
Адно зярнятка – гэта ўжо купа.