Больше рецензий

3 февраля 2012 г. 13:40

730

2

У гэтай кнізе перапляліся дзве біяграфіі — Якуба Коласа і Міколы Маляўкі, земляка класіка. У некаторых раздзелах аповед завяршаецца асабістымі згадкамі аўтара пра родныя — цяпер мемарыяльныя — мясціны Якуба Коласа. Кожны раздзел мае паэтычную канцоўку — санет Міколы Маляўкі, прысвечаны герою кнігі (праўда, пра аўтарства санетаў можна даведацца толькі з анатацыі, але ці пачынаюць чытачы знаёміцца з кнігай з канца?).

Мэтавая аўдыторыя выдання — дзеці — вызначыла вытрыманы змест і вельмі традыцыйны пафас кнігі. Аўтар балансуе паміж узнёслай ідылічнасцю ("І Кастусь не цураўся работы, выбіўся ў пастушкі. У вольны час любіў збіраць ягады і грыбы. Лежачы на траве, мог падоўгу глядзець у неба: воблакі нагадвалі яму то паветраны замак, то дзіўнага звера, то чароўны дыван-самалёт") і дыялагічнай апавядальнасцю ("Хто гэты настаўнік, што чытае дзецям казку на роднай мове? Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч."); што можа сведчыць пра скіраванасць на дзяцей малодшага школьнага ўзросту.

Для падмацавання свайго аповеду Мікола Маляўка выкарыстаў фрагменты твораў Якуба Коласа і цытаты з біяграфічных выданняў пра класіка (напрыклад, з кнігі Максіма Лужаніна "Колас расказвае пра сябе"). Выбар цытат працуе на ідэалізацыю пісьменніка: так, з артыкулаў Максіма Багдановіча, дзе творчасць Коласа і крытыкуецца, і ўхваляецца, выбраны толькі тыя словы, што сцвярджаюць беззаганнасць класіка.

Аўтар дынамічна, на адной старонцы, апісаў знаёмства Якуба Коласа з Марыяй Каменскай і іх жаніцьбу і на некалькіх старонках акрэсліў клапатлівае стаўленне пісьменніка-выкладчыка да студэнтаў, што можа дастаткова пэўным чынам уплываць на ўспрыманне маленькімі чытачамі вобраза класіка. Не абмінае аўтар і падзеі жудасных 1930-х гадоў, акцэнтуючы ўвагу на тых эпізодах з біяграфіі пісьменніка, калі ён змог пераадолець свой страх.

Верагодна, свядомая ўстаноўка аўтара на "стварэнне куміра" для новага пакалення чытачоў не паспрыяе сучаснаму ўспрыманню асобы і творчасці Якуба Коласа (у кнізе пераважае вядомая інфармацыя ў традыцыйных трактоўках), але знойдзе сваіх прыхільнікаў сярод аматараў "бронзавай беларушчыны".