Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

1 мая 2020 г. 18:45

580

5

Сама назва гэтай кнігі тлумачыць, што ў ёй галоўнае, найбольш важнае, – нізка вершаў пад назвай “Маналог”, якая прысвечана паэтам, сябрам маладосці па Мсціслаўскаму педтэхнікуму Аркадзя Куляшова – Змітраку Астапенку і Юлію Таўбіну. Абодва былі рэпрэсаваныя ў 30-х гадах. Гэтую нізку вершаў Куляшоў пісаў у 1964 – 1965 гг, пасля афіцыйнай рэабілітацыі сяброў-паэтаў. Юлій Таўбін быў рэабілітаваны па першай справе 24 жніўня 1956, па другой – 29 ліпеня 57-га года. Змітрок Астапенка - па першай справе таксама 24 жніўня 1956 году, па другой – 29 снежня 54-га. То-бок, Аркадзь Куляшоў у той час ужо мог пісаць пра сяброў без якой-кольвечы насцярогі і таямнічасці – адкрыта.

Усе трое паэтаў былі назвычай таленавітыя. І нават тая небагатая творчая спадчына, якую пакінулі пасля сябе Таўбін і Астапенка, сёння знаходзіцца ў залатым фондзе беларускай літаратуры.

Аркадзь Куляшоў прызнаецца ў вершах, што ўвесь час памятаў пра сяброў, і тое, што застаўся жывым – ён успрымае, як абавязак пражыць і за сяброў.

Вяло нас музы строгай бластаўленне
На шлях цяжкі, ды што казаць аб тым…
Я – ваша памяць, вы – маё сумленне,
Я – дрэўка, вы – трывалы сцяг на ім.

Гэты пасмяротны зборнік укладала дачка паэта Валянціна Куляшова. Уключыла яна ў кнігу і дзіўны верш, які называецца “Пра Марс”. У 1961 годзе Савецкі Саюз упершыню запусціў у космас касмічны карабель з чалавекам на борце. Тэма космасу робіцца актуальнай і для беларускай паэзіі. Але Куляшоў піша не ура-патрыятычны верш, а задаецца філасофскім пытаннем: ці ўлічыць чалавецтва ранейшыя памылкі? А Марс толькі стаў адмысловай метафарай катастафічных наступстваў за грахі.

Не жывуць на Марсе марсіяне,
Працай рук не жывяць дол глухі,
Марс даўно іх у сваім кургане
Пахаваў за нейкія грахі.

І абсалютна лагічным з’яўляецца ўключэнне ў кнігу двух паэм - антываеннай “ Варшаўскі шлях” і філасофскай “Цунамі”.