Больше рецензий

19 января 2012 г. 21:31

73

5

Гэтае даследаванне па этналогіі датычыць надзвычай цікавай тэмы — жыцця найвышэйшага саслоўя Беларусі таго пераходнага перыяду, калі ўсе шляхецкія традыцыі яшчэ былі жывыя, але ўжо папсаваныя слядамі дэградацыі. Першы раздзел кнігі змяшчае агляд навуковай літаратуры па тэме і больш зацікавіць спецыялістаў, а два наступныя раздзелы вартыя ўвагі шырокага кола чытачоў, бо там распавядаецца пра матэрыяльную і духоўную культуру шляхты азначанага перыяду.

Ці ведалі вы, што талерантнасць грамадства да пакарання дзяцей спрыяла з'яўленню ў настаўніцкім асяроддзі асоб з садысцкімі схільнасцямі? Што ва ўніверсітэце дэканы факультэтаў штомесяц патрабавалі ад студэнтаў пасведчання аб споведзі? Што ва ўмовах канкурэнцыі на шлюбным рынку мода стала інструментам дасягнення сацыяльнага поспеху?

Дробная шляхта ўвесь час знаходзілася пад пагрозай страты свайго высокага статусу (зрэшты, яе палітычная і эканамічная вага на той момант была ўжо згублена), а таму дэманстратыўна сцвярджала сваю прыналежнасць да высокага саслоўя, была гатова судзіцца за найменшую абразу, спрачацца пра гербы, радаводы і спосабы палявання ці гатавання страў. У адрозненне ад Расіі, на беларускай тэрыторыі панавала традыцыя калектыўнага адстойвання гонару — наезд, а не класічны двубой. Веданне гэтых рэалій — ключ і да літаратуры ХІХ ст.: да паэмы "Пан Тадэвуш, альбо Апошні наезд на Літве" Адама Міцкевіча ці да п'есы "Пінская шляхта" Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Менавіта ХІХ стагоддзю мы мусім быць удзячнымі за сённяшняе ўсведамленне сябе беларусамі. У апошнім падраздзеле даследавання акцэнтуецца ўвага на тым, што свядомасць жыхароў Беларусі таго часу была палігонам для польскай і рускай нацыянальных ідэй, навукоўцы і грамадскія дзеячы кожнага з бакоў спрабавалі падтрымліваць беларушчыну, каб аддзяліць беларусаў ад сваіх апанентаў, спадзеючыся, што беларускасць стане пераходным этапам на шляху да канчатковай асіміляцыі. Марна спадзеючыся...