Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

11 марта 2020 г. 14:07

185

5

Увогуле дзіўна, што падчас шматлікіх вечарынаў памяці паэтаў 20-30 гадоў, якія ладзяцца апошнім часам, амаль не згадваюць Змітрака Астапенку. Па-першае, ён сапраўды добры паэт. Па-другое, мае такую крутую, таямнічую біяграфію, што ніхто з яго часу з ім не параўнаецца. Яго два разы арыштоўвалі - у 1933 і ў 1936 (што, відаць, і ўратавала яму жыццё, бо ў 37-ым абавязкова расстралялі б). Першы раз як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» атрымаў 3 гады. Другі раз за «антысавецкую дзейнасць» 8 гадоў. Але самае цікавае ў яго біяграфіі - знікненне ў 1944 годзе ў Чэхаславакіі. Паволе розных крыніц, Астапенка падчас Другой сусветнай вайны збег з лагеру і трапіў на фронт. У Чэхаславакіі ў складзе групы выведнікаў яго перакінулі ў тыл ворага, дзе ён знік. Афіцыйная версія, што падчас гэтай аперацыі ён загінуў, але ніхто яго забітым не бачыў. Апошнія гадоў дваццаць увесь час з’яўляюцца ўсё новыя і новыя сведчанні, што Астапенка тады не загінуў. Але пакуль ніхто з даследчыкаў гэтае пытанне да канца не высветліў.

Зборнік “Пад шум дажду” – бадай самае поўнае паэтычнае выбранае Змітра Астапенкі з усіх выдзеных яго кніг. Але і яно не падае цалкам спадчыну паэта, бо аб’яднала пераважна лепшыя вершы з выдадзеных раней кніг, нават без уліку публікацый у перыёдыцы. Кніга, відаць, названная з адсылкай да зборніка Астапенкі “Як шум дажду”, якая стаяла ў выдавецкім плане на 1933 год, але, пасля арышту аўтара, так і не выйшла. Захаваўся толькі яе рукапіс.

Але нават і па гэтай “куртатай” кнізе выбранага бачны талент аўтара, ягонае версіфікацыйнае майстэрства. Асабліва мяне здзівілі раннія вершы, напісаныя яшчэ падчас вучабы ў Мсціслаўскім пэдтэхнікуме, дзе ён вучыўся з сябрамі-паэтамі Аркадзем Куляшовым і Юліем Таўбіным. А верш “Па вяршынях шумных сосен” проста шэдэўр беларускай паэзіі. Выдатнае валоданне мастацкім словам, прыгожая мова, неверагодны гуказапіс.

Зборнік “Пад шум дажджу” ўтрымлівае таксама дзве паэмы – “Эдэм” і “Ганна”. Абедзве яны пісаліся аўтарам на фронце, абедзве маюць ваенны сюжэт, пра падзеі на Беларусі пачас акупацыі. Аўтар пераслаў іх з фронту жонцы. Паэмы чакаюць сённяшняга ўдумлівага аналізу.

Увогуле ўся творчая спадчына Змітрака Астапенкі патрабуе адмысловай увагі літаратуразнаўцаў. Прынамсі даўно прыспеў час цалка сабраць і выдаць ягоны літаратурны наробак.