Больше рецензий
25 февраля 2020 г. 18:23
359
4
РецензияГэтая кніга — першы раман Кульбака, які выйшаў у Берліне ў 1924 годзе. Радуюся, што творы Кульбака пачалі выдаваць па-беларуску, бо мы можам знаёміцца з гэтай незвычайнай і самабытнай літаратурай. Дзякуй Сяргею Шупу за пераклад.
Творчасць Кульбака дае магчымасць пазнаёміцца з асаблівасцямі яўрэйскага жыцця, яго традыцыйнымі элементамі. Яна поўная містыцызму, пасланіцтва. Але акрамя традыцыі ў кнігі Кульбака арганічна ўплеценыя і новыя з’явы. Пісьменнік жыў у Германіі, дзе знаёміўся з еўрапейскім літаратурным мадэрнізмам і ўдала спалучаў яго з фальклорам. Вялікі талент — ствараць новае, адначасова і захоўваючы традыцыю, і руйнуючы яе.
Раман “Мэсія з роду Эфраіма” мае ў загалоўку постаць традыцыйнай яўрэйскай апакаліптычнай літаратуры. Ён прыйдзе да Месіі, сына Давіда, збярэ разам ізраільскі народ і загіне ў баі з ворагамі Ізраіля. Праўда, у рамане гэтую ролю Кульбак адводзіць мельніку Бэню, якога складана ўявіць у вобразе такога важнага эпічнага персанажа, як Месія.
Увесь раман перапоўнены алегорыямі, кабалістычнай сімволікай, біблейскімі алюзіямі і міфічнымі персанажамі. Акрамя Месіі з роду Эфраіма ў творы прысутнічаюць іншыя персанажы яўрэйскага фальклору. Напрыклад, пэўныя вясковыя, аскетычныя персанажы, як Сімха Плахта, якога розныя пісьменнікі выводзілі ў сваіх творах па-рознаму. Або вандроўны філосаф Гімпэлэ.
Гэтыя героі з’яўляюцца ламэдвоўнікамі — своеасаблівымі праведнікамі, збаўленчымі фігурамі. З выгляду простыя людзі, але насамрэч схаваныя святыя. Яны не вельмі адукаваныя, займаюцца звычайна цяжкай фізічнай працай, або ўвогуле проста бадзяюцца па свеце. Таемная сіла такіх людзей выяўляецца толькі праз дапамогу пакрыўджаным людзям. Можна сказаць, што ад ламэдвоўнікаў залежыць існаванне свету. І гэтыя персанажы шукаюць Месію, каб падрыхтаваць таго да галоўнай місіі.
Падзеі ў творы адбываюцца не ў Ізраілі, як у традыцыйным яўрэйскім фальклоры. Кульбак пераносіць месца дзеяння ў Беларусь, у ваколіцы роднай Смаргоні, называючы канкрэтныя тапонімы. Дакладнай пазнакі часу няма, але верагодна, што ўсё адбываецца да расійскай рэвалюцыі.Ствараючы свой мадэрнісцкі твор, Кульбак вольна выкарыстоўвае як яўрэйскія легенды, так і традыцыйныя хрысціянскія. Твор вельмі спецыфічны, але ж гэта значны ўклад у сусветную літаратуру.