Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

21 сентября 2018 г. 12:24

298

5

Гэтая кніга пабачыла свет з нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Беларусь адзначала гэты юбілей летась. На працягу ўсяго мінулага года на Радыё Свабода гучалі матэрыялы Сяргея Абламейкі, прысвечаныя першаму беларускаму кнігадрукару Францішку Скарыну. Сёлета гэтыя матэрыялы былі аб’яднаныя пад вокладку адной кнігі “Нечаканы Скарына”.

Мы зараз знаходзімся ў такім перыядзе, калі падставовыя міты і падмуркі беларускай культуры пераглядаюцца і пераасэнсоўваюцца. Нялёгка гэта зрабіць. Бо тыя міты адлітыя ў бронзе і высечаныя ў камені. Кніга Сяргея Абламейкі якраз і задзейнічаная ў гэты абнаўляльна-стваральны працэс. То бок — трэба сказаць пра роднае, беларускае сучаснай мовай, з улікам найноўшых адкрыццяў і ведаў.

Абламейка паспрабаваў аб’яднаць асноўную, даступную сёння, інфармацыю пра першадрукара – тое што ведаем і тое што не ведаем. Аказалася, што не ведаем досыць шмат. Цмяна ўяўляем дзе Скарына атрымаў першапачатковую адукацыю; існуюць цэлыя прагалы ў ягонай біяграфіі – не ведаем дзе быў у гэтыя гады і чым займаўся; не ведаем дзе атрымаў мэдычную адукацыю. Больш таго, існуюць звесткі пра некаторыя кнігі, якія пакуль не адшуканыя, былі знойдзены толькі іх рукапісныя копіі. То бок працы для скарыназнаўцаў наперадзе яшчэ досыць шмат. Перадусім гэта пошукі ў заходніх архівах і бібліятэках.

І што яшчэ важна ў гэтай кнізе – Абламейка пагутарыў пра Скарыну бадай з усімі асноўнымі даследчыкамі, якія займаюцца скарыназнаўствам. Задаваў ім няпростыя пытанні, спрабуючы разабрацца не толькі ў самой асобе першадрукара, але таксама зразумець матывацыю яго дзеянняў: чаму пераклаў Біблію на мову сваіх землякоў; як яму ўдалося выдаць свае пераклады ў выглядзе друкаваных кніг; чаму надрукаваў у дзвюх кнігах свой партрэт і што ім хацеў сказаць?

Скарына задаў нам вельмі шмат загадак. І гэты квэст нам яшчэ доўга праходзіць. Можа нават, ён не мае канца. Сяргей Абламейка сваёй кнігай вызначыў каардынаты асноўных загадак, а некаторым знайшоў адгадкі.