[я бачыў розныя кавярні...]... «Хвілінка. Тры гісторыі»
[я бачыў розныя кавярні...] Шараговае парыжскае Брасэры кельцік, што месцілася па дарозе з вуліцы Гравёраў, дзе я жыў у маленькай кватэрцы з двума мастакамі і адкуль выходзіў блукаць па горадзе амаль з самага ранку. Адзінае, што я абмінаў, — гэта бібліятэкі і музеі, я тады чытаў сам горад, адмерваў кіламетры сэнсаў па левым і правым беразе Сены, па вулках, па якіх блукалі Алівейра і Мага... Я тады нарэшце дабраўся да легендарных кавярняў, дзе калісьці сядзелі іншыя героі, легенды маёй маладосці.
Кавярні былі нерэальна дарагія, я пахадзіў крыху вакол і раптам зразумеў, што яны даўно ўжо не даюць прытулак, а гандлююць успамінамі, і што калі я зайду папіць кавы, я абавязкова ўбачу якую-небудзь шыльдачку: на гэтым месцы сядзеў Жан-Поль Сартр, а на гэтым... Калісьці я марыў пра парыжскія кавярні, прачытаўшы Хемінгуэя, і цяпер падумаў, што тады ён не купляў успаміны, а проста шукаў зручнае і недарагое месца, дзе можна было б працаваць, і я вярнуўся ў Брасэры кельцік, і сапраўды адчуў гэтае месца сваім, і напісаў там некаторыя важныя для сябе старонкі.