“Іншала, Мадона, іншала — гэта зборнік апавяданняў, у якіх мяшаюцца Захад і Усход, учора і сёння, хрысціяне і мусульмане, Асманская і Габсбургская імперыі, старая і новая Югаславія, харваты, баснійцы, сербы, чорныя, белыя… Адзінай канстантай застаецца Боснія. Гэтая кніга напісана не словамі, а тугою і любоўю.
Усе апавяданні ў гэтай кнізе ўзніклі на аснове народных песень з Босніі або Далмацыі, якія я слухаў або проста чуў мімаходзь і пад якія я рос, сталеў, жыў. Усё гэта песні, а значыць, апроч тэксту, маюць і сваю спяваную мелодыю, а таксама атмасферу, якая гэтай мелодыяй ствараецца. Некаторыя з іх вельмі папулярныя на ўсёй паўднёваславянскай прасторы. Іх спяваюць з розных нагодаў як прафесійныя спевакі, так і аматары, людзі музыкальныя і немузыкальныя, п’яніцы ў сельскай карчме, адукаваныя і неадукаваныя. Такія песні — нешта накшталт гукавога фону паўднёваславянскіх краінаў, асабліва Босніі і Сербіі.
Іншыя песні, паводле якіх я пісаў гэтыя апавяданні, амаль не вядомыя, цяжкія для спявання, або ў іх тэкстах ёсць нешта такое, што не дазваляе іх спяваць з любой нагоды. Бальшыня як лірычных, так і эпічных баснійскіх і далмацкіх песень маюць апавядальны характар. У іх або экспліцытна расказваецца нейкая гісторыя, або пра тую гісторыю можна здагадвацца. Я шмат гадоў уяўляў сабе, якая гісторыя, якое вялікае здарэнне, прыватныя чалавечыя паку ты, які лёс або які важны момант у жыцці чалавека стаіць за кожнай асобнай песняй.
Гэтым я займаўся з дзяцінства. Так я і слухаў песні, уяўляючы, што ў іх адбываецца, якая гісторыя, або з якой гісторыі яны нарадзіліся.
Гэтая кніга — спроба ў дарослым веку напісаць пра тое, што не давала мне спакою яшчэ ў дзяцінстве.
Спадзяюся, што беларускі чытач у нейкай з гэтых гісторый пачуе і нейкую далёкую мелодыю. Або ўявіць сабе песні, якія стаяць за гэтымі гісторыямі. Я быў бы рады, бо гэтак спраўдзіцца важны сэнс гэтай кнігі. (З “Пасляслоўя да беларускага выдання”).
“Іншала, Мадона, іншала — гэта зборнік апавяданняў, у якіх мяшаюцца Захад і Усход, учора і сёння, хрысціяне і мусульмане, Асманская і Габсбургская імперыі, старая і новая…