
Часам мне здаецца, што часцей за ўсё на беларускую мову перакладаюцца скандынавы. Гэта цудоўна, бо іх мовы даволі няпростыя да нас. А яшчэ ў іх выдатныя кнігі, у тым ліку дзіцячыя. Чаго толькі вартыя прыгоды Фіндуса, Пэтсана і мамы Му. Калі я ўпершыню ўбачыла гэтую кнігу, то падумала, што наўрад ці буду яе чытаць, настолькі мяне не прывабілі ілюстрацыі. Але пачытаўшы апісанне, я даволі хутка перадумала. Гэта важная і патрэбная кніга, бо ад падобных жыццёвых сітуацый ніхто не застрахаваны. Аднойчы ў адной шведскай сям'і нарадзілася дзяўчынка. І мама, і тата, і яе брацік Біл вельмі радаваліся і назвалі дзяўчынку Болаю. Ішоў час, яна расла як самая звычайная дзяўчынка. Вось ёй год, два, тры, а родныя ніяк не могуць дамагчыся ад яе ніводнага слова. Сям'я зразумела, што ў іх нарадзілася вельмі незвычайная дзяўчынка, не такая як усе. Хадзілі-хадзілі да іх лекары, ды так нічога і не высветлілі. І што ж цяпер рабіць? Не плакаць і не сумаваць над уласным лёсам, а радавацца, што дзяўчынка вясёлая і бадзёрая. Няхай яна ніколі не стане прафесарам ці доктарам навук, але хіба ў гэтым шчасце? У кнізе так і не называецца хвароба Болы, але аўтарка гэтай кнігі выхоўвае дачку з аўтызмам, і вельмі важна, што яна рашылася напісаць на гэтую няпростую тэму. Кніга вучыць нас любіць блізкіх і прымаць іх, паказвае ўсё цяжкасці, якія трапяцца на шляху бацькоў такіх незвычайных дзяцей. Таксама пісьменніца закранае вельмі важную тэму: як быць іншым дзецям у сям'і, у якой расце падобнае дзіця? У такой сітуацыі ўсё залежыць ад бацькоў, якім не трэба рваць на галаве валасы, кідацца вырашаць праблему і забываць пра іншых дзяцей. Дзецям трэба патлумачыць, што адбываецца і спадзявацца на іх паразуменне. Колькасць дзяцей і дарослых, хворых на аўтызм, павялічваецца штогод, і галоўная парада ў стасунках з дзеткамі-аўтыстамі (як і з любымі іншымі дзеткамі) — любіце іх, і яны адкажуць вам любоўю. Гэтая кніга пра любоў, адназначна.
Але ў свеце існуюць усе — і такі, і гэткі. У тым ліку — і смешныя дзеткі... І калі зірнуць іх вачыма — Гэта мы не такія, магчыма?
Яшчэ на такую тэму магу параіць кнігі Майка Хэдана "Загадочное ночное убийство собаки" і Ніка Хорнбі "Мой мальчик". Абедзве вельмі люблю і перачытвала некалькі разоў. (Кніга вершаваная, падрадкоўны пераклад са шведскай зрабілі Надзя Кандрусевіч і Алеся Башарымава, а адаптаваў гэта ў вершаванай форме Андрэй Хадановіч).
































