Ездзіш па краі і чуеш у адной вёсцы - беларускую мову, у другой - украінскую, у трэцяй - рускую ці мардоўскую. Звычайныя людзі.
Але глянеш на цвёрды рот такога - і разумееш, што прыйшлі сюды самыя прадпрымальныя, самыя, у добрым сэнсе гэтага слова, авантурыстычныя.
І гэтыя ўкраінцы, беларусы, рускія не кідалі слоў на вецер, ажывілі гэты кінуты, «бросавы», пустошны край, набудавалі ў ім гарадоў, вёсак, заводаў, правялі чыгункі, угрызліся ў скалы руднікамі, спусцілі ў мора караблі і, аднак, у першапачатковай чысціні збераглі свае мовы. Часам больш чыстыя, чым нават на радзіме.
Сваімі рукамі стварылі сабе новую радзіму. І нікуды з яе на пойдуць. Пабраталіся з карэннымі жыхарамі, удэ, нанайцамі, тазамі; як кедры, пусцілі карані ў гэтую зямлю. І не далі яе ў крыўду нікому. І не дадуць.