Больше рецензий

20 февраля 2014 г. 01:52

205

4

Не буває в болоті смачної води.
С. Вакарчук


Цяпер, калі чую гэтыя радкі з песні ўкраінскага гурта, заўсёды ўспамінаю тройцу са “Сфагнума” – Шульгу, Хому і Серага, якія адважыліся сарваць куш ва ўладаннях балотных багоў у глыбі Палесся. Хлопцы спадзяваліся з мінімальнымі выдаткамі выйсці з патавай сітуацыі, а трапілі ў “багну”, дзе на кожным кроку здараецца нешта невытлумачальнае, паспрабавалі на смак “балотнай вады” і зразумелі (напэўна): пойла яшчэ тое – адных лечыць, другіх калечыць. Ды і ўсё наша жыццё – балота: апынуўшыся на паверхні, не паспяваеш адчуць трывалы грунт пад нагамі, як багна зноў пачынае бязлітасна зацягваць, што і дэманструе канцоўка рамана.
Увогуле ў Марціновіча атрымаўся неблагі кактэйль: усяго па трошкі – праўда жыцця, бандыцкая рамантыка, містыка, дух авантурызму, філасофія, сатыра і гумар, ну і каханне (як жа без яго). На смак ён прыемны, легкі, дах не зносіць, але ўстаўляе нядрэнна. Хоць адзін з гэтых элементаў абавязкова выкліча станоўчую рэакцыю нават у самага патрабавальнага чытача. Відаць, што з тэкстам добра папрацаваў перакладчык: пацанчыкі выражаюць свае думкі мовай, занадта блізкай да літаратурнай, як і баба Люба. Але агульнай атмасферы гэта не псуе.
Згодна са шматлікімі рэцэнзентамі, якія лічаць, што са “Сфагнума” атрымаўся б добры фільм у стылістыцы крымінальных камедый Гая Рычы. Было б цікава паглядзець, як прыёмы брытанскага рэжысёра будуць рэалізаваны на беларускай глебе. Аднак у кінаверсіі наўрад ці застанецца месца для трапных апісанняў, філасофскіх разваг і рамантычных замалёвак апавядальніка, якія мяне закранулі больш за астатнія бакі твора. Так, пры ўсёй абаяльнасці пацанчыкаў мой герой – апавядальнік.
Не магу сказаць, што такая літаратура адназначна адпавядае маім інтарэсам, але агіды не выклікае – і тое добра. Прынамсі, мне прыемна, што сучаснае беларускае мастацкае слова мае прыклады такіх дзёрзкіх, бесшабашных, з налетам даўніны і містычнасці твораў.