Больше рецензий

26 июля 2012 г. 22:23

44

2

Фантомны боль

Мелодыя натхнення. А mеlоdу оf іnsріrаtіоn. Складальнік Т.А. Сінькевіч.

Вершы, пераклады. "Беларуская энцыклапедыя", 2012.

Сумнявацца ў сабе і апекавацца ўласнымі комплексамі — так звыкла. Быць гатовымі да прыязнай увагі — так цяжка. А між тым аб'ектыўную цікаўнасць замежных турыстаў часам няма чым задаволіць. Замежныя даследчыкі беларускай культуры таксама наракаюць на нашу "герметычнасць". Праз сваю закрытасць (хай сабе на моўным узроўні) мы часам прайграем тыя некрывавыя войны, што вядуцца ў манаграфіях і падручніках. І тады на поле ідэалагічнага супрацьстаяння (як, зрэшты, і сяброўства) хочацца выставіць яшчэ адзін чыннік — паэзію.

У двухмоўным зборніку "Мелодыя натхнення" сабраны вершы беларускіх аўтараў
ХІХ-ХХІ стст. (ад Янкі Лучыны і Алеся Гаруна да Навума Гальпяровіча і Таццяны Сівец) і іх перастварэнні замежнымі і айчыннымі перакладчыкамі Верай Рыч (Vеrа Rісh), Уолтэрам Мэем (Wаltеr Mау), Таццянай Акушэвіч і Таццянай Сівец.

У пэўным сэнсе зборнік выглядае анталогіяй англамоўных перакладаў беларускай паэзіі: прынамсі, змест яго класічнай часткі вызначыла не столькі бачанне ўкладальніка, колькі колішні выбар замежных перакладчыкаў.

Іншамоўнае аблічча верша — магчымасць па-новаму зірнуць на ўласную літаратуру, не знутры — звонку. І тут — дзіва дзіўнае! Як нечакана сёння глядзяцца радкі, якія сто гадоў таму моцна ўплывалі на развіццё беларускай самасвядомасці! Мы так прывыклі да купалаўскага школьна-праграмнага "Людзьмі звацца" ці "Я не для вас, паны, о, не!", што гэтыя радкі здаюцца натуральнымі, заўсёднымі і самадастатковымі.

Але на прыкладзе гэтага англа-беларускага зліцця паціху разумееш, што надышоў той час, калі чытачу звонку трэба тлумачыць, пра каго гаворка, хто тыя сляпыя, глухія і пагарджаныя і чаму менавіта такія, і да якіх паноў зварот. А магчыма, усё яшчэ складаней? І даваць гістарычны каментарый мы мусім не толькі для замежнага чытача, але і для сваіх, для беларускіх школьнікаў і студэнтаў?

Гістарычны каментарый да класікі ратаваў бы двойчы. Па-першае, у маладыя гады — калі верыць псіхолагам — адчайна хочацца належаць да паспяховай супольнасці, а не да той, што нясе на плячах сваю крыўду. Па-другое, нармальная чалавечая рэакцыя — старацца паказаць сябе з лепшага боку перад чужымі, не выносіць боль і сваркі туды, дзе будуць сустракаць... не, не па адзенні, а па самапашане, самапавазе. Але ў зборніку няма ні разгорнутых каментароў, ні хаця б дат жыцця пісьменнікаў або напісання твораў. І тады для неабазнанага чытача глядзяцца парадаксальнымі равеснікамі Якуб Колас ("Не шукайце кветак у полі, Бо вясна к нам не прыйшла"), Уладзімір Караткевіч ("Дзе мой край? Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі, Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме, Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі, А мужчыны, як скалы, — ударыш, і зломіцца меч") і Таццяна Сівец ("Я калісьці хацела сусвет павярнуць дагары — Я сягоння хачу, каб ніхто не дазнаўся пра тое"). Без дакладнага пазначэння дат вершы пра прыгоннае права жывяць посткаланіяльную тэорыю.

Чытач, які пачуваецца сучасным, які бясконца далёкі ад часоў і перажыванняў прыгоннага права, чытач, які памятае пра Вялікую Айчынную вайну, але не гатовы падзяляць пафас помсты ("і разрадзіць гранату і наган у адступаючага чужаземца" А. Астрэйкі), чытач, які даўно (заўжды?) і незваротна належыць да гарадской супольнасці, перажыве дзіўны катарсіс ад чытання беларускай літаратуры англамоўнымі вачыма. Многія з закранутых тэм нам ужо не баляць альбо пераасэнсаваны цяпер у іншым ракурсе, але калі ўсведамляеш, што на творы, якія зафіксавалі ўсе тыя пакуты і перажыванні, зірне ў актуальным часе замежнік, узнікае нейкі незразумелы фантомны боль.

Ці можна быць адметным, адрозным ад іншых праз перажыты боль? Калі гэты боль сістэматызаваны, пракаментаваны, адзначаны ў часавай прасторы. Напэўна, гэта злоўжыванне  — зводзіць паэзію (пачуццё!) да рацыянальнага. Але эмоцыя ў часе перакладу можа згубіцца ці перадавацца некарэктна (горш ці лепей), а інфармацыя (на ўзроўні экзотыкі) заўжды застанецца апірышчам. Мы кахаем гэтак жа, як і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, мы гэтак жа чакаем вясны, але ёсць тое, чым мы адрозніваемся — але тады ў зборніку бракуе, напрыклад, падкрэслення чарнобыльскай тэмы...

Зрэшты, даўнія пераклады падрыхтавалі і светапоглядную пастку: з 1990-х гг. беларусы настойваюць на правільным называнні сябе — Bеlаrusіаn, а пераклады былі зроблены ў часы панавання наймення Bуеlоrussіаn, якое цяпер, відаць, абаронена аўтарскім правам.

Калі Купала казаў: "Занімай, Беларусь маладая мая, Свой пачэсны пасад між народамі", ён звяртаўся да нас. Калі мы хочам быць, то сваю прысутнасць і яе якасць мы павінны пазначаць самі. І тады зборнікі вершаў для беларусаў і зборнікі перакладаў для замежнікаў мусяць адрознівацца зместам. Гаворка не пра турыстычны глянец — гаворка пра цэласны адэкватны вобраз краіны і народа з акцэнтам на адметным.

Аксана БЯЗЛЕПКІНА